РЭЦЫДЫ́Ў ЗЛАЧЫ́НСТВАЎ,
учыненне наўмыснага злачынства асобай, якая мае судзімасць за наўмыснае злачынства (шматразовасць злачынстваў). У адпаведнасці з бел. крымінальным заканадаўствам Р.з. прызнаецца небяспечным пры ўчыненні асобай наўмыснага злачынства, за якое яна асуджаецца да пазбаўлення волі, калі раней гэта асоба двойчы была асуджана да пазбаўлення волі за наўмысныя злачынствы; пры ўчыненні цяжкага злачынства, калі раней гэта асоба асуджалася таксама за цяжкае злачынства. Р.з. прызнаецца асабліва небяспечным пры ўчыненні асобай наўмыснага злачынства, за якое яна асуджаецца да пазбаўлення волі, калі раней гэта асоба болей як адзін раз асуджалася да пазбаўлення волі за цяжкае злачынства; пры ўчыненні цяжкага злачынства, калі гэта асоба двойчы асуджалася да пазбаўлення волі за цяжкае злачынства або за асабліва цяжкае злачынства; пры учыненні асабліва цяжкага злачынства, калі гэта асоба раней была асуджана да пазбаўлення волі за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства. Р.з. цягне больш суровае пакаранне на падставе і ў межах, устаноўленых крымін. кодэксам.
Э.І.Кузімянкова.
т. 14, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)